ДАВЫ́Д РАСЦІСЛА́ВІЧ

(1140 — 23.4.1197),

князь наўгародскі, таржоцкі, віцебскі, вышгарадскі, смаленскі. Сын кіеўскага кн. Расціслава Мсціславіча. Княжыў у Ноўгарадзе ў 1154—55, Таржку ў 1158—60, Віцебску ў 1165—67. У 1167 вытрымаў аблогу менскага кн. Валадара Глебавіча і захапіў у палон шмат яго дружыннікаў. У 1168 княжыў у Вышгарадзе, у 1180—97 — у Смаленску, ваяваў з Полацкам. У 1180 дапамагаў кн. Глебу Рагвалодавічу абараняць Друцк. У 1195 ва ўладаннях Давыда Расціславіча адбылася бітва кааліцыі чарнігаўскіх князёў і палачан з кааліцыяй смаленскіх князёў.

Л.У.Калядзінскі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)